У канцы жніўня свята вёскі адзначылі Асаўцы
Гэта невялікі населены пункт, размешчаны недалёка ад Гомеля, мае старажытную гісторыю: па пісьмовых крыніцах вёска вядома з XVIII стагоддзя, а археалагічныя знаходкі пацвярджаюць, што тут жылі людзі яшчэ да нашай эры.
Сённяшнія жыхары Асаўцоў шануюць гісторыю сваёй малой радзімы і стараюцца, каб вёска выглядала заўсёды прыгожай і добраўпарадкаванай. Гэта пацвердзілі вынікі традыцыйнага конкурсу на гаспадара лепшага падворка, вынікі якога на свяце абвясціў старшыня Бабовіцкага сельвыканкама Аляксандр Хадакоўскі. Гаспадыняй лепшага падворка была названа Вольга Грыдзіна, а другое і трэцяе месцы занялі Таццяна Юрчанка і Валянціна Табакова адпаведна. Усе яны атрымалі памятныя падарункі.
На свяце віталі старэйшага жыхара Асаўцоў 91-гадовага Вікенція Панчанку і самую маленькую жыхарку Ніколь Айнутдзінаву, якой споўнілася толькі паўгода.
Вялікі канцэрт для ўсіх вяскоўцаў падрыхтаваў калектыў “Дубравіца” Бабовіцкага сельскага дома культуры. Вясёлыя песні і шчырыя апладысменты доўга гучалі на пляцоўцы, дзе праходзіла свята. А разнастайны гандаль ад Гомельскага райспажыўтаварыства — з шашлыкамі, свежай выпечкай, іншымі прысмакамі — яшчэ больш падтрымаў святочны настрой.
Ірына Трыпузава
Фота прадастаўлена Бабовіцкім СДК
