У абласным Цэнтры народнай творчасці праходзіць выстава “Народ багаты на розныя святы”

19.02.2026
397
Гэта сумесны праект лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне”, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Віктара Шыпкова і майстроў Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна.



— Мы пастараліся не проста пазнаёміць гледачоў з гісторыка-куль-турнай спадчынай нашага краю, але і паспрабаваць паказаць атмасферу і адметнасць нашых абрадаў праз адзенне, упрыгожванне, побытавыя рэчы. Лічу, што гэтую ідэю ўдалося рэалізаваць, — адзначае Віктар Шыпкоў.



Абрад “Ваджэнне Сулы”, які мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі, на экспазіцыі прадстаўлены жаночымі і дзіцячымі строямі — тымі самымі, ў якіх заводзяць крывы танок (абрадавы карагод).

Калекцыя крашанак — рознакаляровых велікодных яек — нагадвае, што “Ваджэнне Сулы” праводзіцца на другі дзень пасля святкавання Уваскрашэння Хрыстова. А пацверджанне таму, што ў нашай мясцовасці ёсць мноства сваіх тэхнік афарбоўкі і ўпрыгожвання гэтага сімвалічнага пачастунку, Віктар Шыпкоў знайшоў падчас этнаграфічнага даследавання. І нават напісаў на гэту тэму артыкул для будучай кнігі.



З перспектывай надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці каляднаму абраду “Звязда” матэрыялы аб ім зараз рыхтуюцца для Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

— Гэта таксама ўнікальны абрад, які мае мноства адметнасцяў, характэрных толькі для нашай мясцовасці. На выставе можна ўбачыць не толькі ўласна “Звязду”, але і мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя строі, якія традыцыйна апраналі ўдзельнікі святочнага шэсця. Таксама мы аформілі чырвоны кут: на сене стаіць чыгунок з галоўнай каляднай стравай — куццёй, — расказвае народны майстар.
Трэці знакавы абрад — “Свяча” — культывіраваўся ў некаторых раё-нах Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны.

— Абярэжніца вёскі Маркавічы — гэта ікона святога Архістраціга Міхаіла. Калісьці яе ўрачыста пераносілі з адной хаты ў другую падчас прастольнага свята. Пазней даволі доўгі час ікона знаходзілася ў доме мясцовай жыхаркі Еўфрасінні Цацуковай. Ад поўнага выканання абраду ў пэўны момант прыйшлося адмовіцца, бо гаспадыня паважанага ўзросту ўжо не магла выконваць усе правілы: напрыклад, частаваць абедам гасцей у дзень пачытання. Таму гэты абраз зараз захоўваецца ў храме. А ікону Архістраціга Міхаіла, якую вы бачыце на выставе, я набыў праз тэматычны форум у інтэрнэце. Надзіва, і яна аказалася з нашых мясцін і калісьці належала жыхару Маркавіч, — распавядае Віктар Шыпкоў, які не траціць надзеі адрадзіць на малой радзіме і старадаўні абрад “Свяча”.

Дададзім, што для таго, каб паказаць на выставе традыцыйныя святочныя строі, разнастайную атрыбутыку, Віктар Шыпкоў і майстры Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна на чале з Аленай Дудкінай правялі вялікую карпатлівую працу.

— Кожны касцюм збіраўся літаральна па дэталях, але з улікам культурных традыцый кожнай мясцовасці. Гутаркі са старажыламі, этнаграфічныя экспедыцыі, вывучэнне навуковых матэрыялаў — усё гэта папярэднічала таму, каб сабраць кожны строй, увасабляючы канкрэтны вобраз. Натуральна, некаторыя элементы мы рэканструявалі, а іншыя рабілі самастойна, выкарыстоўваючы старадаўнія тэхнікі. Напрыклад, пляценне паясоў на кругавой аснове — унікальная тэхніка з беларуска-ўкраінскага памежжа — выклікае вялікую цікавасць на ўсіх выставах, што праводзяцца як у Беларусі, так і за мяжой, — патлумачыў Віктар Шыпкоў.

Выстава “Народ багаты на розныя святы” ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці будзе доўжыцца да 14 сакавіка. Уваход — свабодны. Не прапусціце магчымасць больш даведац-ца аб народнай культуры Гомельскага раёна, яго звычаях і традыцыях.







Ірына ТРЫПУЗАВА
Фота Наталлі Лутчанка
Мы в соцсетях