Ураджэнец Караліна напісаў міні-аналаг “Новай зямлі”

29.10.2022
50

Невялікі пасёлак Каралін сёлета адзначыў сваё 100-годдзе. Адзін з яго ўраджэнцаў — Сяргей Пазднякоў — напісаў паэму, прысвечаную роднаму кутку, а кіраўніцтва Цярухскага сельвыканкама падтрымала ініцыятыву вяскоўцаў адзначыць юбілей населенага пункта. Журналісты “Маяка” сустрэліся с аўтарам паэтычнага твора і перагарнулі некаторыя старонкі гісторыі Караліна.

Першае пытанне, якое адрасавалі Сяргею Пятровічу, датычыла назвы пасёлка. Сапраўды, яна нязвыклая і нагадвае іншаземную. Версій, чаму населены пункт назвалі менавіта Каралін, даволі многа. Адна з іх выглядае так: хоць пасёлак вядзе сваю гісторыю з 20-х гадоў мінулага стагоддзя, некалькі сялян пасяліліся на гэтых землях яшчэ раней. Некаторыя купілі надзелы за грошы, а аднаму з будучых каралінцаў — Іларыёну Марчанка — пашчасціла зямлю выйграць у карты. Паколькі ўдачу яму прынёс менавіта картачны “кароль”, то і новы хутар назвалі Каралін. Патомкі Іларыёна доўга жылі ў Караліне, гэтак жа як дзеці і ўнукі ўладальнікаў суседніх падворкаў.

tgjryhjdtjy_1.jpg

У сапраўдны пасёлак Каралін ператварыўся у 20-х гадах ХХ стагоддзя, калі сюды перасяліліся больш дзесяці сямей з вёсак Хутаранка, Пясочная Буда, Рудня Прыбыткаўская.

— Сярод іх быў і мой прапрадзед Ігнат Пазднякоў з Хутаранкі, а яго сын Іван стаў першым старшынёй мясцовага калгаса, які ў Караліне стварылі ў 1927 годзе, — расказвае Сяргей Пазднякоў.

Мясцовыя жыхары былі працавітымі людзьмі, якія змаглі малаабжытае месца ператварыць ва ўтульны пасёлак. Дарэчы, ва Францыі многія маляўнічыя сельскія паселішчы носяць такую ж назву — Каралін. А нашы землі па прыгажосці ніколькі не ўступалі французскім: рака Цяруха ў тыя часы была паўнаводнай і багатай на рыбу, а акружаў гомельскі Каралін унікальны рэліктавы лес.

zdfcbzdgvnzb_cfgnxf.JPG

Сяргей Пятровіч успамінае:

— Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мужчыны з Караліна адправіліся змагацца з ворагам, многія з іх не вярнуліся з фронту. Мой дзед Сямён загінуў на тэрыторыі Польшчы. Дзе яго магіла, пакуль не ведаю: шукаю звесткі па архівах. Другі дзед — Кірыл Сіманчук — вызваляў Усходнюю Прусію, быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга і многімі медалямі.

Свае героі былі ў кожным доме Караліна. Напрыклад, з сям’і Краўцовых, прадстаўнік якой — Мікалай Васільевіч з’яўляецца зараз памочнікам старшыні Цярухскага сельвыканкама — на фронт пайшлі адразу пяцёра братоў. Перад юбілеем пасёлка Сяргей Пазднякоў сабраў звесткі і аб іншых земляках-франтавіках. У будучым марыць саставіць своеасаблівае генеалагічнае “дрэва славы”, бо ў Караліне амаль усе з’яўляюцца раднёй і маюць сваяцкія сувязі.

— Бацькі расказвалі мне, што сам Кірыл Трафімавіч Мазураў, пасля вайны бываючы на сваёй малой радзіме — у Рудні Прыбыткаўскай — заязджаў і да нас, у Каралін. Хутчэй за ўсё, і тут жылі яго сваякі. Напрыклад, адзін з настаўнікаў Каралінскай пачатковай школы таксама насіў прозвішча Мазураў, — расказвае Сяргей Пазднякоў.

tgjryhjdtjy_2.jpg

Многія мясцовыя жыхары працавалі ў лясной гаспадарцы — такую ж прафесію выбраў у свой час і наш “гід па Караліну”. Дзед і бацька яго былі ляснікамі, а сам Сяргей Пятровіч пасля заканчэння тэхналагічнага ўніверсітэта доўгі час працаваў у Гомельскім леспрамгасе. А зараз з’яўляецца тэхнічным інспектарам абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў леса і прыродакарыстання. Адкуль жа ўзялася цяга да гісторыі і вершаванага слова?

Сяргей Пятровіч тлумачыць:

— З дзяцінства люблю беларускую мову, з задавальненнем перачытваю нашых класікаў. “Новая зямля” Якуба Коласа — адзін з самых любімых твораў, таму аднойчы з’явілася задумка стварыць нешта падобнае, але пра нашы мясціны, пра Каралін. Калі гэтым летам я прачытаў землякам сваю паэму — са знаёмымі імёнамі, мясцовымі назвамі вуліц і ўрочышчаў — усе былі задаволены і расчулены. А старшыня Цярухскага сельвыканкама Анатоль Цалка прапанаваў урачыста адзначыць стагоддзе Караліна ўвосень — у дзень вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так мы і зрабілі. Было многа ўспамінаў, цёплых слоў, музычныя падарункі ўручылі артысты з Новай Гуты. Галоўнае, мы, каралінцы, зноў адчулі: любоў да роднай зямлі — тое, што нас аб’ядноўвае і падтрымлівае.

У заключэнні нашага аповеду прывядзем невялікі ўрывак з паэмы Сяргея Пазднякова: “З дзяцінства мне мілей мой вугал, // Мая старонка, Шылаў мост, // І Княжы лес, і ўсё навокал, // Нягледзячы на іх узрост…// Калісьці мой продак — прапрадзед Ігнат // Прыйшоў з Хутаранкі дагэтуль // На новыя землі ішлі стары і млад // Пасля абвяшэння да НЭПу.// Лясы карчавалі, балоты, кусты // І хаты ўздоўж будавалі// Вось так абжывалісь — на радасць другім //
Таполі і ліпы саджалі”.

Ірына Трыпузава.Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.

Мы в соцсетях