У Беларусі маштабна святкуюць 140-гадовы юбілей класіка літаратуры Якуба Коласа

03.11.2022
82

У першыя дні лістапада аматары беларускай літаратуры святкуюць дзень нараджэння знакамітага песняра народных дум — Якуба Коласа. Сёлета вядомаму празаіку, паэту і драматургу споўнілася б 140 гадоў.

На малой радзіме Якуба Коласа, сапраўднае імя якога — Канстанцін Міцкевіч, у горадзе Стоўбцы (вёска Акінчыцы ўвайшла ў гарадскую рысу) быў урачыста адкрыты помнік народнаму паэту. Народнаму не толькі па званню, але і любові чытачоў ва ўсім свеце. Бо творы беларускага песняра перакладзены амаль на 40 моў свету.

Помнік Якубу Коласу выканала група беларускіх скульптараў на чале з народным мастаком Іванам Міско. Пасля адкрыцця прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны наведалі літаратурна-музычнае свята “Такі ўжо звычай беларускі…”.

Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею класіка, адбыліся і ў Гомельскім раёне. Цэнтральным месцам святкавання стала вёска Даўгалессе. Уладзімір Бышык, бібліятэкар філіяла Гомельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі “Даўгалеская бібліятэка-клуб”, разам з работнікамі культуры і самадзейнымі артыстамі падрыхтаваў вялікую літаратурна-тэатралізаваную кампазіцыю. І галоўную ролю ў ёй сыграў ён сам. Дарэчы, Уладзімір Рыгоравіч знешне вельмі нагадвае класіка беларускай літаратуры і падчас розных літаратурных падзей іграе ролю “песняра народных дум”.

kolas2.jpg

kolas.jpg

Сёння многія аматары беларускай літаратуры напамяць чытаюць радкі з вядомай паэмы Якуба Коласа ў вершах “Новая зямля”, пранізаныя любоўю да роднай старонкі:

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

Ірына ГРАМЫКА.

Фота аўтара і БЕЛТА.

Мы в соцсетях