Салодкі брэнд Гомельшчыны: адзначаем народнае свята — Маліннік
Здаўна нашы продкі 16 жніўня адзначалі народнае свята — Маліннік, бо раней на гэты перыяд прыпадаў найбольшы ўраджай салодкай ягады. Зараз некалькі населеных пунктаў могуць пахваліцца тым, што з’яўляюцца сапраўднай малінавай “сталіцай” нашага рэгіёну. Пра тое, з чаго пачыналася ягадная слава Гомельскага раёна, расказала карэнная жыхарка Пакалюбіч, дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Кацярына Варабей.
Па словах Кацярыны Уладзімі-раўны, у 60-70-я гады мінулага стагоддзя ў Пакалюбічах, Яро-міне, Лапаціне, Светлай Зары больш увагі аддавалі вырошванню яблык:
— Там, дзе зараз усё занята маліннікамі, былі сады. Дарэчы, менавіта яны давалі вяскоўцам значны прыбытак, асабліва тым, хто працаваў у паляводчых брыгадах, дзе заробкі былі не вельмі вялікія.
І якраз у тыя ж самыя часы жыхары Масквы, Ленінграда (зараз Санкт-Пецярбурга) і нават Калінінграда паспрабавалі смак беларускай садавіны.
На змену яблыкам прыйшоў “малінавы бум”. Першыя радкі добрага сорту маліны прывёз з Касцюкоўкі былы намеснік дырэктара Пакалюбіцкай сярэдняй школы Міхаіл Піцельмахаў. Першымі, хто спрагназаваў вя-лікія перспектывы маштабнага вырошчвання салодкай ягады, былі Віжуновы, таксама педагогі, і іх суседзі Арловы і Алейнікавы.
— Яны першымі аддалі палову сваіх ўчасткаў пад малінавыя плантацыі, наладзілі паліў — праклалі трубаправод да мясцовага азярка Сецін. Праз нейкі час маліна дала першыя ўраджаі і добрыя прыбыткі.
І ўжо з сярэдзіны 90-х гадоў, калі людзям пасля развалу Савецкага Саюза і закрыцця шматлікіх прадпрыемстваў давялося шукаць іншыя спосабы заробку, малінай у гэтых мясцінах пачалі займацца масава. І таксама, як і іх папярэднікі, вазіць салодкую прадукцыю ў Маскву і іншыя гарады Расіі. Нашы суседзі ўжо і самі прыязджаюць у Гомельскі раён, каб купіць сабе і знаёмым каштоўныя ягады.
— Але ж гэта вельмі цяжкая праца — дагледзець за кустоўямі, апрацаваць іх ад хвароб і шкодных насякомых, каб сабраць у рэшце рэшт багаты ўраджай, — працягвае Кацярына Варабей. — Людзі ў нас працавітыя, таму многія апрацоўваюць даволі значныя плошчы маліннікаў. Па афіцыйнай інфармацыі, у Пакалюбічах каштоўная ягада займае каля 60 працэнтаў плошчы прысядзібных участкаў, у Лапаціне — 45, а ў Яроміне — амаль 70. З пачаткам масавага вырошчвання маліны нарыхтоўшчыкі раённага спажывецкага таварыства (зараз — Гомельскі філіял абласнога спажыўтаварыства) сталі таксама закупляць у насельніцтва гэтую ягаду.
У 2018 годзе ў Гомельскай вобласці быў аб’яўлены конкурс брэндаў. І дырэктар музея прапанавала прадстаўляць Гомельскі раён як “Малінавы рай”:
— Акрамя таго, былі распрацаваны лагатып і суве-нірная прадукцыя, якая адлюс-троўвае эксклюзіўнасць брэнда. Гэта і “Жывая маліна ў слоіку” (перацёртая з цукрам ягада), канцэлярскія тавары, упрыгажэнні, нават адзенне і посуд з лагатыпам.
Пры распрацоўцы брэнда ўлічваўся і масавы характар вырошчвання гэтай культуры, і карысць, якую яна прыносіць вяскоўцам. Летам, у перыяд збору духмянай ягады, на вуліцы амаль нікога не сустрэць — усе працуюць на гародах. Нават дзеці разумеюць неабходнасць працы і дапамагаюць дарослым.
— Маліна — вельмі карысная ягада, якую цэняць за яе смак, прывабны водар і лекавыя якасці, — дадае Кацярына Варабей. — Кожная сям’я штогод варыць смачнае варэнне, аднак рэцэпты часта чымсьці, ды адрозніваюцца. Гаспадыні ахвотна дзяліліся імі, так і з’явілася кулінарная “Малінавая кніга”.
А яшчэ гэтай смачнай ягадзе мясцовыя жыхары прысвячаюць паэтычныя творы. Жыхарка Лапаціна Валянціна Сяркова напісала жартоўны верш, у якім ёсць і такія радкі: “Калі маліна паспявае // Ні стар, ні мал ўжо не зявае. // У Маскве, дарэчы, наш прадукт // Ідзе, бы той заморскі фрукт”.
Маліна перацёртая, вараная, з агрэстам…
У 2015 годзе на адным з кулінарных інтэрнет-сервісаў прапанавалі 16 жніўня адначасова святкаваць і дзень малінавага варэння. Мы папрасілі работнікаў Гомельскага гісторыка-краяз-наўчага музея падзяліцца не-каторымі рэцэптамі.
Кацярына Варабей:
— Самы папулярны рэцэпт у нашай сям’і — перацёртая маліна. Трэба ўзяць адзін кілаграм ягад і два — цукру, і перацерці. Трымаць трэба ў халодным месцы. Найсмачней нічога няма, бо захоўваюцца водар і смак маліны. Таксама вельмі карыснае варэнне з агрэстам (руская назва гэтай ягады — крыжовник). Трэба ўзяць па аднаму кілаграму ягад і два — цукру. Варыць пасля закіпання 20 хвілін. Такое варэнне можа захоўвацца і два гады.
Святлана Шыцікава:
— А ў нашай сям’і любяць малінавы джэм. Гатую я яго так: 2 кілаграмы ягад заліваю стаканам вады, стаўлю на агонь. Як закіпіць, чакаю 5 хвілін. Працэджваю, каб “бубачкі” не засталіся ў вадкасці, засыпаю ў яе яшчэ два кілаграмы цукру і зноў стаўлю варыць. Пасля закіпання, калі цукар растане, дадаю яшчэ паўкіло цукру і пакідаю на невялікім агні на 20 хвілін. Астуджаю і разліваю ў слоікі.
Ірына ГРАМЫКА. Фота Дар’і Каймовіч.
