Іван Шамякін: народны пісьменнік не толькі па званні
Класік беларускай літаратуры Іван Пятровіч Шамякін невыпадкова насіў званне “Народны пісьменнік БССР”. У нашай рэспубліцы і далёка за яе межамі творамі гэтага аўтара зачытвалася не адно пакаленне аматараў мастацкага слова. Таксама кнігі Шамякіна любілі прадстаўнікі розных прафесій, што і пацвярджаюць успаміны нашай зямлячкі Галіны Шведавай аб сустрэчах літаратара з жыхарамі Гомельскага раёна.

У 70-х гадах мінулага стагоддзя Галіна Шведава з’яўлялася сакратаром Гомельскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі, адказвала за ідэалагічную работу. Менавіта ёй даверылі курыраваць правядзенне серыі сустрэч з беларускімі пісьменнікамі ў рамках творчай справаздачы, прымеркаванай да XXV з’езду КПСС.
— У Гомельскі раён для прэзентацыі сваіх твораў, акрамя Івана Шамякіна, прыехалі драматург Андрэй Макаёнак, паэты Анатоль Вярцінскі і Еўдакія Лось. Меркавалася, што літаратары пабываюць у працоўных калектывах, наведаюць буйныя і малыя населеныя пункты раёна, — успамінае Галіна Сцяпанаўна. — Шчыра кажучы, я сумнявалася, ці будуць цікавыя нашым вяскоўцам, штодзень занятым цяжкай працай, новыя раманы і вершы. Але ўжо першыя сустрэчы пацвердзілі: нашы людзі — сапраўды самыя чытаючыя, а Іван Шамякін — Народны Пісьменнік з самай вялікай літары.
Паездка ў Гомельскі раён не была для Івана Пятровіча штатным мерапрыемствам. З многімі мясцінамі яго звязвалі ўспаміны дзяцінства, юнацтва і больш
позняга часу.
Асабліва кранальнымі атрымаліся сус-трэчы з жыхарамі Цярухі і Пракопаўкі. У Цяруху ў 1933 годзе перавялі на службу бацьку будучага пісьменніка — лесніка па прафессіі. Маленькі Ваня пайшоў вучыцца ў мясцовую школу і менавіта тут пазнаёміўся з дзяўчынкай Машай Кротавай, якая пазней стала яго вялікім каханнем і спадарожніцай жыцця. Нават пасля таго, як Шамякін, ужо вядомы аўтар, перабраўся жыць у сталіцу, ён часта бываў у Церусе, праводзіў тут летні адпачынак.
З Пракопаўкай звязаны першыя пасляваенныя гады жыцця маладой сям’і Шамякіных. Вярнуўшыся з фронту ў 1945 годзе, Іван Пятровіч пачаў працаваць настаўнікам у няпоўнай сярэдняй школе вёсцы Пракопаўка. Адначасова ён збіраў матэрыялы для свайго першага рамана “Глыбокая плынь” — аб беларускіх партызанах. А яго жонка Марыя Філатаў-на стала загадчыкам мясцовага ФАПа.
— Калі мы прыехалі ў Пракопаўку, маленькі мясцовы клуб проста не мог змясціць ўсіх жадаючых пабачыць знакамітага земляка. Прагучала шмат пытанняў, успамінаў. Пасля таго як творчая сустрэча скончылася, да нас падыйшла пажылая пара, з якой Іван Пятровіч вельмі цёпла павітаўся, — успамінае Галіна Шведава. — Яны запрасілі нас у госці. Мне запомніліся сцены невялікага пакоя з падборкамі фотаздымкаў, узятых у рамку. На многіх фота быў Шамякін. Бо гаспадарамі дома былі людзі, ў якіх ён калісьці здымаў кватэру. Яны захавалі самыя добрыя ўспаміны аб маладым настаўніку, які стаў класікам айчыннай літаратуры.
Масштабнымі і цікавымі былі сустрэчы з пісьменнікам у знакамітых гаспадарках: калгасе імя Леніна ў Пакалюбічах і калгасе-камбінаце імя Урыцкага з цэнтрам ў аднайменным пасёлку. Шамякін з задавальненнем адзначыў, як расце і развіваецца беларуская вёска, нават пажартаваў:
— Паглядзіце, у Паташкіна (кіраўніком калгаса-камбіната імя Урыцкага быў Аркадзь Паташкін — прым. аўт.) на вуліцах ліхтароў больш, чым ў Мінску на Ленінскім праспекце.
Падчас прэзентацый раманаў “Сэрца на далоні” і “Атланты і карыятыды” з пытаннем да аўтара звярнуўся адзін з працаўнікоў гаспадаркі:
— Вы пішыце пра медыкаў, архітэктараў, партызан. А вось напішыце пра наш калгас імя Урыцкага!
Пісьменнік паабяцаў выканаць гэту просьбу. Праўда, твора пра канкрэтную гаспадарку з Гомельскага раёна ён так і не стварыў, але многія нашы мясціны даволі часта можна пазнаць у яго раманах.
Творы Івана Шамякіна — заўсёды аб жыццёвым пошуку, высакароднай місіі чалавека і бясконцай дабрыні яго душы. Напэўна, таму яны заўсёды будуць запат-рабаваны ў чытачоў розных пакаленняў.
Ірына Трыпузава. Фота з асабістага архіва Фелікса Шэрмана.
