"Чырачка", Стрэчанне і гуканне вясны: як у Беларусі адзначаюць народныя святы
У панядзелак пачаўся самы вясёлы перыяд — Масленіца. Нягледзячы на агульныя рысы, у розных мясцовасцях існуюць асаблівасці яго святкавання. Гэтым меркаваннем і дакладнымі прыкладамі падзяліліся прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны падчас прэс-канферэнцыі “Традыцыі аб’ядноўваюць. Як беларусы адзначаюць народныя святы”. Яны таксама расказалі пра знакавыя падзеі ў культурным жыцці, якія сталі своеасаблівым брэндам іх рэгіёнаў.
У прыватнасці, на Гомельшчыне праводзяцца цікавыя фестывалі і конкурсы, некоторыя з іх ужо набылі статус рэспубліканскіх і нават міжнародных.
Гэта фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, народнага гумару “Аўцюкі”, этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, абласны конкурс выканаўцаў народных бытавых танцаў “Вытокі” і многія іншыя, зазначылі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Інга Заўгародняя і метадыст па народных традыцыях, абрадах і фальклору Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц.
15 лютага ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна адзначылі свята Стрэчання. Адметнасць і ўнікальнасць гэтага куточка Гомельшчыны ў тым, што тут упрыгожваюць елачку не толькі пад Новы год, але і падчас значных падзей у жыцці селяніна. Напрыклад, перад будаўніцтвам хаты.
— На Стрэчанне ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Палескія напевы” ўпрыгожылі елачку і абышлі вёску з веснавымі песнямі. Дарэчы, вясковыя жанчыны захавалі мясцовы стыль выканання традыцыйных песень, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, — дадала Ірына Глушэц.
У бліжэйшую нядзелю, 26 лютага, усіх запрашаюць у аграгарадок Тонеж Лельчыцкага раёна, дзе пройдзе знакаміты абрад “Чырачка”: будуць песні, танцы, і смачнае печыва ў выглядзе птушак — тыя самыя “чырачкі”.
У Брэсцкай вобласці таксама захавалася вялікая колькасць унікальных народных абрадаў. Вядучы метадыст па фальклору і этнаграфіі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Кацярына Ігнацюк расказала пра ўнікальныя абрады зімовага цыклу “Конікі” і “Гуканне вясны”:
— У Бярозаўскім раёне, адкуль я родам, падчас гукання вясны было характэрна гатаваць 40 посных галушак і падаваць іх з цукрам.
Святы аб’ядноўваюць усіх беларусаў. Бо, як слушна заўважыў адзін з выступаючых, многія народныя традыцыі прымеркаваны да падзей хрысціянскага календара: Каляды, Масленіца, Юр’я і іншыя.
Аўтар кнігі “Сонцаварот. Народны каляндар і традыцыі беларусаў”, журналіст Выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Марына Кузьміч расказала пра некаторыя адметнасці святкавання Каляд, Масленіцы, Дажынак і іншых народных свят у розных мясцовасцях нашай краіны.
Ірына ГРАМЫКА. Фота з архіва рэдакцыі.
