"Берагіня" захоўвае культуру: нашы землякі прынялі ўдзел у фестывалі фальклору

17.07.2024
160

На працягу некалькіх дзён у гарадскім пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне праходзіў XII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». І кожны раз у ім з поспехам прымаюць удзел нашы землякі.

Раз у два гады гасцінная Акцябршчына запрашае аматараў старадаўніх абрадаў і традыцый, песень і танцаў наведаць маштабны фэст народнай творчасці. Гэты творчы форум скіраваны на захаванне і падтрымку аўтэнтычных формаў народнай культуры і рамёстваў і аб’ядноўвае тых, хто цікавіцца мінулым сваёй краіны.

Раней на сцэнічных пляцоўках “Берагіні” выступаў дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Павалякі” Цэнтра культуры Гомельскага раёна, іншыя захавальнікі традыцыйнай культуры. А сёлета Віктар Шыпкоў і Ірына Беланожка ўнеслі свой уклад у агульны добры настрой (дарэчы, таксама не ўпершыню). Яны прадставілі на суд журы Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў народна-побытавых танцаў “Лявоніха”, які праходзіў у рамках фестывалю фальклору, некалькі харэаграфічных кампазіцый з мясцовым каларытам.

sd5v4d5sv45ds4v5.jpg

— Мы танцавалі “Лявоніху”, “Карапэт”, імправізаваную польку, “Заёнца” і некаторыя іншыя, — расказала Ірына Іванаўна. — Галоўнае для нас было паказаць рэгіянальныя адметнасці ў выкананні аднаго і таго ж танца, бо ў конкурсе прымалі ўдзел прадстаўнікі іншых абласцей.

Ірына Беланожка калісьці наведвала “Школу народна-побытавых танцаў”, якую арганізавала і праводзіла заняткі былы кіраўнік Руднемарымонаўскага дома культуры Тамара Курленка, аматар і захавальнік народных традыцый. Таму для цяперашняга кіраўніка Грабаўскай установы культуры народныя танцы складаюць вялікі пласт яе дзейнасці.

Пасля выступленняў Ірына Беланожка і Віктар Шыпкоў, які граў на гармоніку, весялілі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю народнымі песнямі і частушкамі.

Асабліва прыемна, што па выніках конкурсу нашы землякі занялі трэцяе месца ў сваёй узроставай катэгорыі. Так высока былі ацэнены іх намаганні па пераемнасці і працягу танцавальных традыцый свайго краю.

Ураджэнец Маркавічаў Віктар Шыпкоў, акрамя таго, быў у складзе журы ў якасці эксперта на прэзентацыі традыцыйных касцюмаў рэгіёнаў краіны.

— Я асабіста займаюся ўзнаўленнем і захаваннем традыцыйнага маркавіцкага строю: жаночага і мужчынскага адзення маёй малой радзімы, — адзначыў захавальнік народнай спадчыны, які этнаграфічнай і краязнаўчай дзейнасцю пачаў займацца яшчэ ў школе.

А Ірына Беланожка дадала, што яна не прамінула наведаць пляцоўкі, дзе праходзіла абласное свята традыцыйнай кухні беларусаў і “Чарніцы-фэст”, — навацыі сёлетняй “Берагіні”.

Акрамя таго, сваю творчасць на фестывалі фальклору прадставілі і майстры Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна, якія таксама былі адзначаны граматамі за любоў і павагу да традыцыйнай спадчыны свайго краю.

Ірына ГРАМЫКА.

Мы в соцсетях