Паэзія пра каханне — у даследаванні юных мовазнаўцаў з Гомельскага раёна

13.11.2024
585
Адзінаццацікласніцы Яромінскай сярэдняй школы Ксенія Сібілёва і Дар’я Гулевіч сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ ”Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…”. Пад кіраўніцтвам таленавітага творчага педагога Віктара Фяськова яны стварылі ўнікальную работу, у якой параўналі сродкі мастацкай выразнасці ў паэзіі беларускі Яўгеніі Янішчыц і рускай паэтэсы Рымы Казаковай.

Конкурс быў арганізаваны рэдакцыяй Рэспубліканскага навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова“ сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі Беларусі. 

Удзел у ім прымалі навучэнцы 10-11 класаў сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, студэнты вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны. А ў склад журы ўвайшлі вядучыя спецыялісты Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Беларусі.

Навукова-даследчая работа “Сродкі мастацкай выразнасці ў лірыцы кахання Яўгеніі Янішчыц і Рымы Казаковай“, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Віктара Фяськова, невыпадкова стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу і атрымала сертыфікат якасці за ўдалую спробу аўтараў зрабіць грунтоўны параўнальны аналіз сродкаў мастацкай выразнасці ў лірыцы кахання зорак першай велічыні ў рускай і беларускай літаратуры Яўгеніі Янішчыц і Рымы Казаковай. 

— Актуальнасць навукова-даследчай работы заключаецца ў тым, што яна адносіцца да першых спробаў у айчынным мовазнаўстве і літаратуразнаўстве зрабіць параўнальны аналіз лірыкі кахання Рымы Казаковай і Яўгеніі Янішчыц на аснове сродкаў мастацкай выразнасці, — адзначыў Віктар Фяськоў.

Тэма кахання — адна з запатрабаваных у сучаснай літаратуры.
 
Невычарпальнасць гэтай тэмы відавочная. Па шчырым прызнанні аўтараў работы, “нам, шаснаццацігадовым падлеткам, цяжка зразумець, што ў каханні нельга быць дробязным і бяздарным: тут патрабуецца праніклівасць сэрца, шырыня душы, добры, тонкі розум, чым у дастатку надзяліла нас прырода і што мы так неразумна растрачваем, прытупляем у нашым штодзённым мітуслівым жыцці”. 

— Асноўным спосабам паэтычнага мыслення Яўгеніі Янішчыц і Рымы Казаковай, на думку даследчыц, з‘яўляюцца сродкі мастацкай вобразнасці, заснаваныя на падабенстве: эпітэты, метафары, параўнанні, якімі літаральна прасякнуты творы вядомых паэтэс пра нераздзеленае каханне, — працягвае Віктар Фяськоў. — Дзякуючы грунтоўнаму аналізу паэтычнай спадчыны Рымы Казаковай і Яўгеніі Янішчыц аўтары праекта змаглі параўнаць паэтэс з казачнымі птушкамі, што заўсёды знаходзіліся ў няспынным творчым палёце, імкнучыся захаваць каханне да сваіх любімых мужоў да самых апошніх дзён жыцця. Паэтычныя шэдэўры пра каханне знакамітых паэтак перакладзены на шматлікія мовы свету, атрымалі сваё другое жыццё ў музыцы і сталі набыткам сусветнай культуры. 

Пасля дэталёвага вывучэння жыццёвага і творчага шляху Рымы Казаковай і Яўгеніі Янішчыц юныя даследчыцы зрабілі выснову, што галоўная вартасць іх паэзіі заключаецца ў “драматызме, які з’яўляецца першай прыкметай сапраўднай літаратуры”. 

Ксенія Сібілёва і Дар’я Гулевіч атрымалі заслужаныя ўзнагароды — Дыпломы I ступені на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да 95-годдзя Інстытута мовазнаўства.

— Вынікі гэтага даследавання могуць быць выкарыстаны пры аналізе лірычных твораў на ўроках рускай і беларускай літаратуры, пры стварэнні работ даследчага характару ў школах, пры напісанні курсавых і дыпломных работ у вышэйшых навучальных установах, — дадаў Віктар Фяськоў.

Узгадаем і мы радкі пра каханне, дзякуючы якому чалавек застаецца чалавекам:

Окончилось наше лето, 
над миром стонет дождь, 
кричат цветы и птицы, 
ты больше не придёшь.
Окончилось наше лето, 
деревья плачут вслед…
И нет на небе солнца, 
и неба тоже нет. 

Римма Казакова.

Я спадзяюся на сяўбу, 
На кожны лісцік новы. 
На залатую малацьбу 
Трывожнае любові. 
 
Ды — адрываецца лісток
Асенняга бяссоння. 
Па леву ручаньку — масток.
Па правую — бяздонне. 

Яўгенія Янішчыц.

Падрыхтавала Ірына ТРЫПУЗАВА.
Фота прадастаўлена Віктарам Фяськовым.
Мы в соцсетях