Вёска Маркавічы ў люстэрку часу

09.08.2026
235


Сёлета Гомельскі раён адзначае сваё стагоддзе. Аднак ёсць нагода адсвяткаваць значныя гістарычныя даты і асобных яго населеных пунктаў. Так, аб 500-годдзі вёскі Маркавічы распавёў юны госць рэдакцыі «Маяка» Міхась Крывіцкі з Мінску. У Маркавічах жывуць яго сваякі, таму гісторыя месца, адкуль ідуць карані, хлопчыка заўсёды цікавіла. Праведзенае гістарычнае даследаванне разам з запытам у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дазволіла даведацца аб дакладным часе першага ўпамінання вёскі ў пісьмовых крыніцах. Яно адносіцца да 1526 года. Міхась напісаў гістарычны артыкул, які мы з задавальненнем друкуем.

Шляхі-дарогі… Колькі іх параскідана па нашай матухне-Беларусі!  У мяне, яшчэ падлетка, ёсць такая сцежка-дарожка, якая вядзе ў невялічкую вёску Маркавічы, размешчаную на паўднёвым усходзе Гомельшчыны. Хоць я і нарадзіўся ў сталіцы нашай Радзімы, але мае продкі спакон вякоў жылі і жывуць у гэтай мясцовасці. 

З вялікім задавальненнем на кожныя канікулы і святы я прыязджаю туды да бабулі. Зімой катаюся на санках і лыжах. Вялікую цікавасць выклікаюць шчадроўкі. Вясной з бабуляй асвячаю велікодную паску і назіраю за народным абрадам «Ваджэнне Сулы», які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Летам катаюся на ровары і гляджу, як працуюць камбайны. Я ведаю, дзе знаходзяцца старажытнае гарадзішча, цвінтар, дзе стаяла драўляная царква, дзе праходзіць Кацярынінскі шлях. 

Мне гэта месца вельмі падабаецца. Я заўсёды хацеў даведацца, што тут раней адбывалася, як жылі людзі. І аднойчы мне пашчасціла…


Як школьная матэматыка ажывіла старонкі гісторыі  XVII–XVIII стагоддзяў

У мінулым навучальным годзе я займаўся даследчай работай па матэматыцы і гісторыі — расшыфроўваў дробныя лікі ў інвентарах Гомельскага стараства XVII–XVIII стагоддзяў. Калі знаёміўся з літаратурай па гісторыі Гомельшчыны, то даведаўся, што Маркавічы існавалі ўжо 500 гадоў таму! Каб пераканацца ў гэтым, звярнуўся па дапамогу ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі. І вось я атрымаў доўгачаканы ліст: вучоныя пацвердзілі першае ўпамінанне вёскі Маркавічы ў 1526 годзе (пры апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім). 

Першыя звесткі пра жыхароў вёскі, яе тэрыторыю згадваюцца крыху пазней — у 1560 годзе. У Маркавічах пражывала 6 сем’яў. Больш чым праз стагоддзе сяло разраслося, у 1681 годзе там налічвалася 31 сям’я. Зямля, якую апрацоўвалі сяляне, вымяралася валокамі. Маркавічам належыла 10 валок (для параўнання: сяло Дабруша мела 12 валок, Карма — 7). Плошча адной валокі складала 21 га 36 а (далей — сотак). Валока падзялалася на 30 моргаў. Слова морг паходзіць з нямецкага Morgen — «раніца» і азначае зямельны ўчастак, які селянін мог апрацаваць з усходу сонца да поўдня.  Плошча 1 морга складала 71 сот-ку. Па маіх падліках, каб узараць такое поле, селяніну патрэбна было зрабіць больш 40 тысяч крокаў ці прайсці 28 кіламетраў з сахой. У той час у Маркавічах адной валокай карысталіся ў асноўным тры сям’і. Мабыць, яны былі сваякамі. Вучоныя-гісторыкі ўстанавілі: каб добра жыць і развіваць гаспадарку, адной сям’і патрэбна было апрацоўваць не менш за паўвалокі.

Далейшы рост насельніцтва Маркавічаў прывёў да драб-лення зямельных надзелаў. У 1738 годзе ў Маркавічах пражывала 63 сям’і. З 10 валок сяляне апрацоўвалі 61/9 валокі, астатнія землі былі «пустошью» — мабыць, непрыдатныя для апрацоўкі пясчаныя або балоцістыя глебы. Самым вялікім надзелам была 1/4 валокі, а самым маленькім —1/(96.). 10 сямей мелі па 1/8 валокі (267 сотак), 12 сямей — 1/12 (178 сотак), 23 сям’і — 1/16 (134 соткі), астатнія — значна меншыя надзелы.

За карыстанне зямлёй сяляне павінны былі выплачваць падатак — грашовы чынш уладальніку Гомельскага стараства князю Міхаілу Чартарыйскаму. Памер падатку быў вельмі вялікі — 150 злотых з адной валокі. Для параўнання: у Горы-Горацкім маёнтку Сапегаў у 1750 годзе чынш складаў 60 злотых з валокі. Верагодна, гэта звязана з асобай князя Чартарыйскага, які любіў «магнатскую пышность» і ў 1738 годзе ў Гомелі  пабудаваў «новый крепкий дубовый замок с бойницами, углубил рвы и на валах поставил деревянные стены или палисады с подъемными мостами».

Калі селянін валодаў 1/16 валокі зямлі, то яго падатак складаў больш за 9 злотых. На той момант свіння каштавала 4–6 злотых, авечка — 1–2 злотых, воз сена — 1–4 злотых. Хоць падатак і разлічваўся ў злотых, на самай справе сяляне плацілі меднымі манетамі, якія атрымлівалі на кірмашах ад продажу прадукцыі гаспадаркі. Каб уплаціць 9 злотых падатку, трэба было сабраць больш за 800 шэлягаў (медных манет). А як гэта зрабіць, калі селянін мог лічыць хіба што да дзесяці? Для гэтага існавалі мяшочкі-скарбонкі спецыяльнага памеру (напрыклад, на 10 злотых), куды селянін складваў грошы. Калі мяшэчак запаўняўся, то і сума набіралася. Потым манеты ўзважвалі і пераводзілі вагу манет у злотыя. Вывучаючы дакументы, я даведаўся, што, акрамя грашовага падатку, сяляне павінны былі аддаваць частку свайго ўраджаю жыта, аўса, ячменю. Усім сялом складваліся, каб у Гомельскі замак перадаць курэй, гусей, грыбы, масла льняное і канаплянае, пяньку, лён, мак, двух бараноў і скуру аднаго ваўка.

Такім чынам, матэматыка дапамагла ажывіць гісторыю, даведацца пра жыццё нашых продкаў, пабачыць, колькі ім давялося працаваць і з якімі цяжкасцямі яны сутыкаліся. Я зразумеў, што вёска Маркавічы — гэта не проста кропка на карце, а лёсы сотняў людзей: аратаяў, воінаў і рамеснікаў, многія імёны якіх вернуты з архіўнага забыцця. Я ведаю, што сярод тых, хто 300 гадоў таму апрацоўваў маркавіцкія валокі і збіраў шэлягі, былі і мае далёкія прадзеды. Таму маё даследаванне — гэта найперш спосаб захаваць памяць аб маёй сям’і для будучых пакаленняў, бо з гісторыі кожнага маленькага роду і складаецца вялікая гісторыя Бацькаўшчыны.

Міхась Крывіцкі, вучань 6 класа, г. Мінск

Мы в соцсетях