Успамінамі аб патрыятычным накірунку камсамольскай работы падзялілася Галіна Гузянкова
Сёлета будзе адзначацца 100-годдзе галоўнай маладзёжнай арганізацыі былога СССР — Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюзу Моладзі. З камсамолам звязана юнацтва нашых бацькоў і дзядоў, многія справы, ідэі, пачынанні былых камсамольцаў атрымалі працяг і ў нашы дні.
“Камсамольцы — неспакойныя сэрцы” — словы папулярнай песні добра характарызуюць энтузіязм, нераўнадушнасць, творчы запал савецкай моладзі. Хлопцы і дзяўчаты паказвалі прыклад у працы, асвойвалі новыя землі, станавіліся рацыяналізатарамі і прапагандыравалі патрыятызм. Успамінамі аб патрыятычным накірунку камсамольскай работы падзялілася гераіня нашага матэрыялу Галіна Ільінічна Гузянкова.
У 1966 годзе я прыйшла на работу старшай піянерважатай у Верхне-Брылёўскую школу. Гэта традыцыйна камсамольская “пасада” — у адрозненне ад настаўнікаў, дзеці ўспрымалі важатых, як старэйшых сяброў. Стараліся быць падобнымі на іх. Сама я вельмі ганарылася тым, што з’яўляюся камсамолкай. Як і іншыя, была выхавана на высокіх ідэалах і прыкладах. Зоя Касмадзям’янская, Ліза Чайкіна, Аляксандр Матросаў — усе ведалі, што гэтыя героі Вялікай Айчыннай былі камсамольцамі і ўступленне ў Ленінскі саюз моладзі быццам яднала нас з імі.
У якасці піянерважатай я хутка знайшла цікавую нішу для сваёй дзейнасці. Пошукавая работа ў Гомельскім раёне тады толькі распачыналася, наша школа разам з Красненскай сталі яе “першапраходцамі”. Усё пачалося з таго, што мы з рабятамі адправіліся ўбіраць бліжэйшы да школы помнік воінам і камандзірам, загінуўшым у гады вайны, што знаходзіцца ў Гомелі па вуліцы Тралейбуснай. Зацікавіліся прозвішчамі, выбітымі на плітах: “Хто былі гэтыя людзі? У кожнага з іх ёсць родныя…”. Мой бацька, кадравы ваенны, падказаў, што ў ваенкамаце можна ўзяць спісы, складзеныя па даных салдацкіх медальёнаў загінуўшых. Так мы ўступілі ў вялікую перапіску з роднымі воінаў, якія вызвалялі Гомель. Адрасаты жылі па ўсяму СССР — Расія (асабліва Браншчына), Эстонія, Арменія, аўтаномная рэспубліка Комі, Грузія… Большасць з іх не ведала ніякіх падрабязнасцяў пра лёс сыноў, братоў, мужоў, якія пайшлі на вайну. За час працы нашага штаба “Пошук” удалося адшукаць больш 100 сем’яў пахаваных воінаў і устанавіць некалькі прозвішчаў невядомых салдат, якія былі занесены на пліты помніка.
У 1968 годзе на 9 Мая адбылася першая вялікая сустрэча з роднымі вызваліцеляў Гомеля, якіх адшукалі брылёўскія школьнікі. Прыехала вельмі многа людзей. Напярэдадні мы доўга дзяжурылі на чыгуначным вакзале ў чырвоных гальштуках і пілотках, сустракаючы іх. Размяшчалі па сем’ях, стараліся лепш пачаставаць. Такія сустрэчы сталі праходзіць штогод. Мой бацька і іншыя энтузіясты па ўласнаму пачыну некалькі месяцаў адкладвалі грошы, каб дастойна сустрэць гасцей з далёкіх рэспублік, падрыхтаваць для іх памінальны абед. Затым да справы падключыўся саўгас “Брылёва”, прымаць гасцей пачалі на больш арганізаваным узроўні.
Я з вялікімі цяжкасцямі змагла дамовіцца з ваенкаматам аб арганізацыі салюта, і ўсё прайшло выдатна.
Мінула паўстагоддзя, але да гэтай пары да нас на 9 Мая заўсёды прыязджае хаця б адзін–два чалавекі з сем’яў тых, чые астанкі захаваны ў брацкай магіле па вуліцы Тралейбуснай.
Самі піянеры з Верхне-Брылёўскай школы рэгулярна дасылалі лісты ў сяло Рускае, што ў Краснадарскім краі. Там знаходзіцца магіла гераічнай гамяльчанкі — лётчыцы Галіны Дакутовіч, якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Галіна яшчэ са школы была маім ідэалам, мне пашчасціла пазнаёміцца з яе цёткай Яўгеніяй Алейнікавай, даведацца шмат цікавага аб жыцці гэтай дзяўчыны. Я прапанавала сваім піянерам змагацца за права прысваення нашай дружыне імя Галіны Дакутовіч. Мы перапісваліся з яе аднапалчанамі, збіралі грошы і пасылалі ў сяло Рускае, каб мясцовыя піянеры купілі кветкі і ўсклалі іх да магілы зямлячкі ў Дзень Перамогі. Пошукавая і іншая работа нашай дружыны атрымала добрыя водгукі, асабіста я была ўзнагароджана Ганаровай граматай Цэнтральнага Савета Усесаюзнай піянерскай арганізацы імя Леніна, з’яўлялася дэлегатам Першага з’езда старшых піянерважатых Беларусі.
У тыя часы камсамольцы былі адной сям’ёй. Працуючы ў школе, я пэўны час узначальвала і камсамольскую арганізацыю саўгаса “Брылёва”. Праводзілі сходы, абмяркоўвалі, як павялічыць вытворчыя паказчыкі, крытыкавалі тых, хто парушаў працоўную дысцыпліну, выпускалі сценгазету “Камсамольскі пражэктар”. Мяне заўважылі на раённым узроўні, запрасілі стаць штатным супрацоўнікам райкома камсамола. Я часта ездзіла на розныя сходы, канферэнцыі.
Аднак самыя цёплыя і яркія ўспаміны ўсё ж больш звязаны з работай піянерважатай. У нас было такое цікавае жыццё: пяшком хадзілі да Лоева, Чачэрска, у Літвінавічы — на радзіму рэвалюцыянера Панцеляймона Лепяшынскага, на нафтапромыслы ў Рэчыцу. Ішлі не па трасах, а арыентуючыся па карце і компасу, начавалі ў палатках або ў спортзалах мясцовых школ. Ніхто не адмаўляўся нас падвезці або пачаставаць… Гэта былі добрыя, слаўныя часы. І іх успамінаю не толькі я. Хоць адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры не адно дзесяцігоддзе, многія былыя вучні памятаюць мяне менавіта, як важатую, запрашаюць на свае сустрэчы. Я дзякую камсамолу за тыя часы!
Ірына ТРЫПУЗАВА
Фота Ірыны ГРАМЫКА
