Ура! Каникулы!

28.03.2018
401

25 сакавіка ў беларускіх школьнікаў распачаліся доўгачаканыя вясновыя канікулы. Хоць зіма яшчэ нагадвае аб сабе снегам на вуліцы і начнымі замаразкамі, настрой у дзяцей усё роўна па-сапраўднаму сонечны і прыўзняты. А шматлікія цікавыя мерапрыемствы, што запланаваны ў школах раёна на канікулярны тыдзень, толькі падтрымліваюць яго.

— Літаральна, кожны дзень, акрамя разнастайнай унутрышкольнай праграмы, у нас адбываюцца выяздныя мерапрыемствы. Дзеці паспелі пабываць на экскурсіях у пажарных часцях ў Каранёўцы і Гомелі, наведаць Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Наперадзе — паездкі ў Гомельскі гісторыка-краязнаўчы музей, драматычны тэатр, цырк. Збіраюцца нашы школьнікі і ў Улукаўе: яны падрыхтавалі дабрачынную акцыю “Падары кнігу” для выхаванцаў мясцовай дапаможнай школы. Словам, мы спланавалі праграму так, каб большасць рабят змаглі пабываць у цікавых месцах, пабачыць нешта новае. Хоць і ў самой школе іх чакае шмат захапляльных спраў,— расказала дырэктар Навагуцкай сярэдняй школы Наталля Балабаха.

Для вучняў Пакалюбіцкай сярэдняй школы таксама падрыхтавана нямала конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, сустрэч з цікавымі людзьмі і пазнавальных экскурсій, у тым ліку на Добрушскі фарфоравы завод. А яшчэ гэтая школа на вясновых канікулах прымае удзельнікаў двух буйных раённых мерапрыемстваў — традыцыйнага конкурса тэатраў школьных мініяцюр “Лінгвістычныя гарызонты” і раённага этапа абласнога конкурса “Лідэр года”.

Цярэшкавіцкая сярэдняя школа адносіцца да тых устаноў адукацыі, пры якіх на вясновых канікулах дзейнічаюць прышкольныя лагеры.

— Наш лагер наведвае 21 вучань малодшых класаў, кожны дзень для дзяцей праходзяць разнапланавыя конкурсы, эстафеты, акцыі. Шмат увагі надаецца іх аздараўленню. Вучні сярэдніх і старэйшых класаў наведваюць спартыўныя секцыі і аб’яднанні па інтарэсах. Вялікую ўвагу мы ўдзялілі мерапрыемствам, прысвечаным Году малой радзімы, а таксама падрыхтавалі серыю сустрэч з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі па справах непаўналетніх і іншых падраздзяленняў праваахоўных органаў, — паведаміла Таццяна Ільюшэнка, намеснік дырэктара ДУА “Цярэшкавіцкая сярэдняя школа”.

Як бачым, кожная школа пастаралася знайсці, чым прывабіць рабят і заняць іх падчас канікул. Сем дзён перад пачаткам новай чвэрці падораць хлопчыкам і дзяўчынкам шмат новых уражанняў і выдатны настрой.

НА ЗДЫМКУ: вучань трэцяга класа Міхалькоўскага дзіцячага сада – базавай школы Стас Саламаха.

Ірына Віктарава

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Мы в соцсетях