У Гомелі адкрыўся Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны
Беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву ў нашай краіне надаецца прыярытэтнае значэнне. Тут і вядомы індустрыяльны парк пад назвай “Вялікі камень”, і СЗАТ БЕЛДЖЫ, што паспяхова рэалізуюцца ў межах развіцця двухбаковых узаемавыгадных стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Прычым адносіны пашыраюцца, уключаючы ў сябе ўзаемапранікненне ў самыя розныя сферы дзейнасці.
У мінулым годзе быў падпісаны Мемарандум па абмене і супрацоўніцтве паміж Адміністрацыяй традыцыйнай кітайскай медыцыны правінцыі Сычуань (Кітай) і ўпраўленнем аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Ён грунтаваўся на аснове Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2015 года № 5 “Аб развіцці двухбаковых адносінаў Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай”. Менавіта ў межах падпісанага Мемарандуму і было запланавана адкрыццё Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны. Месцам была абрана ўстанова аховы здароўя “Гомельскі абласны клінічны шпіталь інвалідаў Айчынай вайны”. У выніку на працягу года адбыўся абмен дэлегацыямі шпіталя і кліні-кай Чэндускага ўніверсітэта традыцыйнай кітайскай медыцыны. У межах кантактаў было ўзгоднена адкрыццё Цэнтра.
І гэта невыпадкова. Тут, у Гомельскім абласным клінічным шпіталі інвалідаў Айчынай вайны, не першы год дзейнічае кабінет ігларэфлексатэрапіі засна-ваны якраз на падыходах кітайскай акапунктуры. Больш 10 гадоў — такі стаж работы ў загадчыка кабінета Сяргея Ідамкіна. Неўролаг па прафесіі ён 20 гадоў самааддана ўшчыльную займаецца любімай справай. Поруч доктар Ірына Мацвеенка — спецыяліст па ігларэфлексатэрапіі.
— У нас нагрузка — па 20 пацыентаў за дзень. Зараз з адкрыццём Цэнтра ў нас пашырыцца спектр паслуг, — гаворыць загадчык кабінета рэфлексатэрапіі Гомельскага абласнога клінічнага шпіталю інвалідаў Айчынай вайны Сяргей Ідамкін. — Акрамя ўжо звыклай ігларэфлексатэрапіі будзем укараняць разнастайныя методыкі. Лячэнне з прымяненнем разнастайных лекавых рас-лін, фітааплікацыі, так званы усходні масаж, прыпяканне палыннымі цыгарамі, стоўнтэ-рапія — выкарыстанне гарачых камянёў. А ў перспектыве ў нас і гірудатэрапія. Гэта прымяненне п’явак пры лячэнні пацыентаў.
Адкрыццё Цэнтра гэта першы этап міжнароднага супрацоўніцтва паміж Го-мелем і Чэндунам, ад-значылі ўдзельнікі ўра-чыстай цырымоніі пераразання чырвонай стужкі.
— Мы вельмі задаволеныя афармленнем Цэнтра, яго абсталяваннем, што неабходна для работы медыкаў, а яшчэ шчырым прыёмам з беларускага боку, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення традыцыйнай кітайскай медыцыны горада Чэнду спадар Ін Мі. — Наш горад вельмі старажытны, са сваёй культурай. І менавіта правінцыя Сычуань з’яўляецца радзімай, я б сказаў своеасаблівай калыскай традыцыйнай кітайскай медыцыны.
— Гомельскі шпіталь інвалідаў Айчынай вайны абраны ў якасці Цэнтра яшчэ і з той нагоды, што тут сканцэнтравана ўся служба медыцынскай рэабілітацыі нашага рэгіёна, — падкрэсліў начальнік упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Ігар Баранаў. — Да таго ж, гэты Цэнтр стане пляцоўкай для аказання паслуг па рэабілітацыі, дапоўніць магчымасці аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, а яшчэ паспрыяе справе павышэння прафесійных навыкаў нашых медыкаў, у першую чаргу, урачоў.
Мяркуецца, што з адкрыццём Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны ў Гомельскім шпіталі актывізуецца работа па аказанні амбулаторна-паліклінічнай медыцынскай дапамогі насельніцтву. Акрамя таго, тут запланавана весці спецыялізаваную ўрачэбную практыку. Такім чынам, Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны стане своеасаблівым звяном у ланцужку, гэта паслужыць для далейшага ўмацавання двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне традыцыйнай кітайскай медыцыны, культурнага абмену, падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай сферы.

НА ЗДЫМКАХ: галоўны ўрач установы аховы здароўя “Гомельскі абласны клінічны шпіталь інвалідаў Айчынай вайны” Алег Іванцоў і намеснік начальніка ўпраўлення традыцыйнай кітайскай медыцыны горада Чэнду спадар Ін Мі; урач-ігларэфлексатэрапеўт Сяргей Ідамкін за работай.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Аляксея НАРЭЙКІ і Аляксея БЕЛАГА
