Чытацкі стаж — амаль тры дзесяцігоддзі
Сёлета наша газета адзначыць свой юбілей — 80-годдзе. Гэтая дата значная не толькі для калектыву і ветэранаў рэдакцыі, але і для нашых шматлікіх падпісчыкаў, пастаянных чытачоў. Бо менавіта яны — непасрэдныя сведкі ўсіх творчых удач, пошукаў, абнаўленняў “Маяка”, яны — нашы сябры і, разам з тым, строгія суддзі.
Сярод тых, хто даўно і з задавальненнем чытае “Маяк” — настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Чарацянскі дзіцячы сад — базавая школа” Святлана Скуміна.
— Бацькі з дзяцінства прывучылі мяне, што ведаць тое, пра што піша мясцовая газета — самая натуральная і абавязковая рэч. Патрэбна ж ведаць, што робіцца ў раёне, чым жывуць яго людзі. Калі мы з мужам у 1989 годзе пераехалі працаваць у Чарацянку, то адразу пачалі выпісваць “Маяк”. З таго часу Гомельскі раён стаў для нас другой радзімай, а раённая газета — добрым сябрам. Выпісваем з мужам Аляксандрам Мікалаевічам (ён таксама настаўнік — фізічнай культуры і здароўя) раёнку па чарзе, але ў нашым доме яна ёсць заўсёды, — расказала Святлана Васільеўна. — Больш за ўсё любім чытаць матэрыялы аб людзях, рэпартажы са школ, “цікавінкі”, што друкуюцца на апошняй старонцы.
Я нагадала, што ў 1994-м годзе “Маяк” змяшчаў здымак з Чарацянскай школы — на ім Святлана Васільеўна сфатаграфавана са сваімі вучнямі. Высветлілася, што мая субяседніца не толькі выдатна памятае тое фота, але і без цяжкасці, не маючы здымка перад вачамі, назвала прозвішчы ўсіх сваіх выхаванцаў, хоць і прайшло ўжо амаль чвэрць стагоддзя.
— Ірына Пяцяева зараз працуе ў Навагуцкім дзіцячым садку, Марыя Ярмоленка — таксама настаўнічала, потым працавала ў райвыканкаме. У свой час абедзьве скончылі Лоеўскае педвучылішча, я дапамагала ім рыхтавацца да паступлення. Аляксей Зюлеў і Аляксандр Янкоў звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай, Дзмітрый Старчанка выбраў рабочую спецыяльнасць, — вось так коратка настаўніца расказала, як склаўся лёс герояў таго газетнага фотаздымка, зробленага Мікалаем Бяльковічам.
Безумоўна тое, што Святлана Васільеўна так добра запомніла гэтую невялікую падзею са свайго жыцця, звязаную з “Маяком”, нас вельмі парадавала. Гэта значыць, што многія газетныя публікацыі знаходзяць жывы водгук у сэрцах чытачоў, ім радуюцца, іх захоўваюць.

Ірына Трыпузава
Фота з асабістага архіва Святланы Скумінай і архіва газеты “Маяк”
