Анатоль Зэкаў: журналістам марыў стаць з дзяцінства

06.05.2018
531

На працягу дзесяцігоддзяў Гомельская раённая газета “Маяк” мела неафіцыйны статус “кузні журналісцкіх кадраў”. Тыя, хто пачынаў тут працаваць, набіраліся каштоўнага вопыту і настолькі востра адточвалі пяро, што іх з задавальненнем запрашалі на працу ў абласныя і рэспубліканскія выданні, інфармацыйныя агенцтвы.

Нават некалькі месяцаў у “Маяку” давалі добры плён і пуцёўку ў прафесію, што і пацвярджае аповед вядомага беларускага пісьменніка, аўтара многіх кніг, які ў свой час займаў пасады галоўнага рэдактара рэспубліканскага выдання “Беларуская лясная газета”, мінскай гарадской газеты “Добры вечар”, штотыднёвіка “Сталіца” Анатоля Зэкава.

Сваімі ўспамінамі падзяліўся з нашымі чытачамі Анатоль Мікалаевіч.

Журналістам марыў стаць з дзяцінства, але паступаць на факультэт журналістыкі адгаварылі сябры. Тады ў ліку ўступных экзаменаў была нямецкая мова, а я скончыў вясковую школу, дзе гэты прадмет два гады не выкладаўся. Так я стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там пазнаёміўся з Алесем Дуброўскім, нас аб’яднала не толькі сяброўства, але і агульныя літаратурныя інтарэсы.

Алесь першым трапіў працаваць у “Маяк”, і я часта заходзіў да яго ў рэдакцыю, часам мне давалі заданні штосьці напісаць. А вясной 1977 года прапанавалі стаць штатным супрацоўнікам. Спачатку ад-маўляўся: “Ды ў мяне яшчэ дыплом не напісаны…”. Але галоўны рэдактар Іван Паўлавіч Дземідзенка спыніў усялякія адмовы: “Ты што не ведаеш, што дыпломы пішуцца па начах у апошні тыдзень перад абаронай?!”.

Так я стаў працаваць з раённымі газетчыкамі, якіх ужо добра ведаў — Леанідам Міцкевічам, Яфімам Бродскім, Раманам Марголіным, Іванам Пічуковым (дарэчы, ён узначальваў аддзел сельскай гаспадаркі, быў сапраўдным прафесіяна-лам, хоць і не адмаўляў сабе часам у задавальненні пабурчэць на “легкадумную” моладзь).

Мы працавалі весела, з энтузіязмам, хапала і розных смешных выпадкаў. Частку з іх я пазней апісаў у сваёй кнізе “Генеральскі гумар”, у раздзеле “Будні раёнкі — не звонку”.

Адной з маіх асабістых адметнасцей у газетнай рабоце была спроба спалучаць паэзію і журналістыку. Мог напісаць рэпартаж з месца падзей у форме лірычнага верша або патрыятычную “перадавіцу”, таксама вершаваную. Цікава, што ў рэдактара гэтыя пачынанні находзілі падтрымку і цікавасць.

Прыйшоўшы на працу ў “Маяк” у красавіку 1977 года, у снежні таго ж года я пакінуў раёнку. Рабіў гэта неахвотна, але прапанаваная праца ў Гомельскім райкаме камсамола з усіх бакоў выглядала больш перспектыўнай. З газетнай работай усё роўна прыйшлося б хутка развітацца, бо выходзіла з дэкрэта Таня Мікуліч, на месцы якой я працаваў (дарэчы, ў адрозненне ад сённяшніх часоў, жанчына-журналіст тады была рэдкасцю, у асноўным у газетах працавалі мужчыны).

Будучы на камсамольскай рабоце, я працягваў супрацоўнічаць з “Маяком”: рыхтаваў “камсамольскія старонкі”, друкаваў свае вершы, пэўны час узначальваў літаратурнае аб’яднанне “Пралеска”, якое дзейнічала пры газеце. Даходзіла да таго, што і пасяджэнні літаб’яднання наладжваў у райкаме камсамола — вось такога дакладна больш нідзе не было!

Дагэтуль помню прозвішчы многіх пачынаючых аўтараў, якіх тады рэдагаваў, а яшчэ любімы “верш” нашага рэдактара Івана Дземідзенкі, які ён заўсёды цытаваў, каб падкрэсліць нескладуху ці бязглуздіцу ў літаратурных творах аўтараў-аматараў: “Еду я село через, вижу хаты крыши без”.

Неўзабаве я зноў вярнуўся ў журналістыку і яшчэ доўга успамінаў добрым словам школу раённага газетчыка, якую прайшоў у “Маяку”. Калі вучыўся ў журналісцкай спецгрупе Вышэйшай камсамольскай школы ў Маскве (туды набіралі толькі па аднаму чалавеку з рэспублікі), праходзіў стажыроўку ў газеце “Комсомольская правда”. Мяне адправілі ў камандзіроўку ў Цюмень, дзе я, акрамя асноўнага матэрыяла, набраў яшчэ шмат дробных інфармацый. “Зоркі” журналістыкі, вядома, так не рабілі. А ў мяне спрацавала звычка раённага газетчыка. Затое потым, калі спатрэбіліся заметкі для рубрыкі “Рытм пяцігодкі”, друкавалі амаль што мяне аднаго, а галоўны рэдактар хваліў: “Вось, як трэба працаваць!”.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з Днём друку і будучым юбілеем “Маяка” усіх супрацоўнікаў і чытачоў раёнкі, з якой звязаны мае першыя крокі ў прафесіі. Ніколі не забывайцеся, што раённая газета — самая блізкая і родная. Высока трымайце планку “Маяка”!

Ірына Трыпузава

Фота з інтэрнэта

Мы в соцсетях