5 мая — свята ўсіх, хто працуе ў друкаваных сродках масавай інфармацыі

05.05.2018
374

5 мая — свята ўсіх, хто працуе ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, і, вядома, іх пазаштатных аўтараў і чытачоў — здаўна займае пачэснае месца ў каляндары святаў і знамянальных дат.

“Маяк” традыцыйна рабіў тэматычныя публікацыі да Дня друку, даваў магчымасць выказацца на старонках газеты сваім селькорам і пастаянным падпісчыкам. Мы прапануем перагарнуць старыя падшыўкі і даведацца аб чым пісала наша газета 5 мая ў розныя гады.

l У 1948 годзе гомельская раёнка, якая тады называлася “Сталінскі сцяг”, выйшла з перадавіцай “Дзень большэвіцкага друку”. Цікава, што ў якасці вядучых прапагандысцкіх сродкаў у ёй разглядаліся і насценныя газеты, перад якімі былі пастаўлены задачы “ў жывой і яркай форме паказваць дасягненні гаспадарчага і культурнага будаўніцтва ў кожным калгасе, на кожным прадпрыемстве, выкрываць і падвяргаць большэвіцкай крытыцы ўсе недахопы…”. (Арфаграфія захавана).

l У 1969 годзе цэлая старонка “Маяка” выйшла пад вялікім загалоўкам “Друк — магутная зброя партыі”. Свае меркаванні аб месцы друкаванага слова ў грамадстве і аб тым, як яго распаўсюджваць, на ёй выказалі селькоры, а таксама начальнікі аддзяленняў сувязі і “Саюздруку”.

“Пішу аб тым, як калгаснікі змагаюцца за ажыццяўленне сацыялістычных абавязацель-стваў, аб рабоце грамадскіх арганізацый — таварысцкіх судоў, народных дружын, аб наладжванні палітвучобы і г. д.” — пісаў селькор М. Захаранкаў, адзначаючы, што пісаць у газету ўжо стала яго надзённай патрэбнасцю.

l У 1989 годзе да Дня друку “Маяк” змясціў не толькі нататкі сваіх пазаштатных карэспандэнтаў, але і верш Міколы Старчанкі “Селькор” — аб актывістах, якія жывуць поўным і насычаным жыццём і расказваюць аб гэтым на старонках газеты:

Даўно гасціць у хаце вечар.

Сюды загляне хутка й ноч,

Сядзіць селькор, сагнуўшы плечы,

На ўсё забыўшыся апроч

Сваёй заметкі ў газету…

А пазаштатны аўтар ветэран вайны і працы Р. Краўчанка адзначыла і карысную для грамадства ролю раёнкі: “Радуюся, калі пасля ўмяшання рэдакцыі справы ў той ці іншай галіне дзейнасці мяняюцца да лепшага…”.

Падрыхтавала Ірына Віктарава

Фота з архіва “Маяка

Мы в соцсетях