З пуцёўкай «Маяка». У Анатоля Зэкава шмат вершаў, звязаных з Гомельскім раёнам

08.01.2025
348
Імя Анатоля Зэкава добра вядома ў рэспубліцы. Анатоль Мікалаевіч – аўтар звыш чатырох дзясяткаў кніг паэзіі і прозы, сатыры і гумару, зборнікаў вершаў і казак для дзяцей. Ён напісаў лібрэта спектакляў “Жыццё і смерць Янкі Купалы” і “Камедыя”, пастаўленых у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, аўтар тэксту афіцыйнага Гімна лесаводаў Беларусі, Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна. Анатоль Зэкаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, адзначаны літаратурнымі прэміямі імя Янкі Маўра, Васіля Віткі і шэрагам іншых, яго творы перакладаліся на некаторыя замежныя мовы, уключаны ў школьныя падручнікі і хрэстаматыі  для пазакласнага чытання, на вершы паэта беларускімі кампазітарамі створаны песні.

Аднак, відаць, мала каму з чытачоў “Маяка” вядома, што свой працоўны шлях Анатоль Зэкаў пачынаў у нашым раёне: 1 сакавіка 1977 года, яшчэ будучы студэнтам-пяцікурснікам гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён быў залічаны карэспандэнтам у штат “Маяка”. Ездзіў у камандзіроўкі, сустракаўся з працаўнікамі вёскі, перадавікамі сельгасвытворчасці, работнікамі культустаноў і школ, ад-люстроўваў іх жыццё і справы ў напісаных і апублікаваных журналісцкіх матэрыялах. А яшчэ рыхтаваў літаратурныя старонкі, дзе змяшчаліся творы пачынаючых аўтараў, рабіў агляды літаратурнай пошты. Друкаваў таксама свае вершы і надзённыя паэтычныя рэпартажы. Любіў вершаваным радком замест сухіх перадавых адзначыць пэўную знакавую дату або дзяржаўнае ці прафесійнае свята. 

Анатоль Зэкаў з настальгічнай удзячнасцю згадвае тагачасных супрацоўнікаў рэдакцыі: рэдактара Івана Паўлавіча Дземідзенку, яго намесніка Яфіма Бродскага, адказнага сакратара Сцяпана Балоткіна, а пазней Івана Тарасюка, загадчыкаў аддзелаў Леаніда Міцкевіча і Івана Пічукова, карэспандэнтаў Аляксандра Дуброўскага і Рамана Марго-ліна. У іх ён браў урокі практычнай журналістыкі, якія потым спатрэбіліся, калі працаваў у рэдакцыях шматлікіх беларускіх газет. Зрэшты, некаторыя эпізоды з “маякоўскага” жыцця Анатоль Зэкаў апісаў у цыкле мініяцюр “Будні раёнкі не звонку” ў сваім зборніку прозы “Генеральскі нумар”, у надрукаваных пазней кароткіх былях “ЗЭКавычкі”, якія рэгулярна і па сёння змяшчае газета “Літа-ратура і мастацтва”, і ва ўласным перакладзе на рускую мову часопіс “Нёман”.
Праўда, у “Маяку” прапрацаваў нядоўга: праз дзевяць месяцаў (!) перайшоў загадчыкам аргаддзела ў райкам камсамола. Аднак і там не спыніў супрацоўніцтва з газетай, пісаў пра справы моладзі ў раёне, рыхтаваў нават спецыяльную тэматычную старонку “Камсамольскае жыццё”.
 
У 1980 годзе Анатоль Зэкаў з пасады другога сакратара райкама паехаў у Маскву на двухгадовую вучобу ў Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК камсамола, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў ЦК ЛКСМ Беларусі, дзе курыраваў пытанні дзіцячага і маладзёжнага друку. А потым перайшоў на журналісцкую працу ў рэдакцыю рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена”. Узначальваў мінскую гарадскую газету “Добры вечар”, штотыднёвік “Сталіца” і “Беларускую лясную газету”, працаваў у часопісах “Вожык”, “Полымя”, “Вясёлка” і выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Аднак і жывучы ў Мінску, Анатоль Зэкаў не парываў сувязі з раёнам: прыязджаў у вёску Гарадок Рудня-Марымонаўскага сельсавета, адкуль родам яго жонка Зінаіда і дзе жылі яе бацькі – настаўнік мясцовай школы Ціхан Карнеевіч і цялятніца саўгаса імя Някрасава Яўгенія Васільеўна Бярнацкія. Праўда, пасля іх сыходу бывае там радзей, а лета часцей праводзіць на сваёй радзіме — у вёсцы Патапаўка на Будакашалёўшчыне.

Зрэшты, у Анатоля Зэкава шмат вершаў, звязаных з нашым раёнам: “Каранёўка”, “Гарадок”, “... Па Гарадку ў час вячэрні”, “Карней”, “Баба Жэня”, “...Аўтобус паверне на Чонкі...”, “Да цешчы не на бліны”, “Цесць і зяць”, “Кеша”. Нямала і вершаў, напісаных непасрэдна ў Гарадку. 

Хутка Анатоль Зэкаў адзначыць сваё 70-годдзе. Часта ў яго цікавяцца, дзе будзе святкаваць свой юбілейны дзень народзінаў. І ён адказвае: “Па ўсёй рэспубліцы”. Бо запрашэнняў з бібліятэк, школ, каледжаў і ўніверсітэтаў, іншых устаноў культуры, дзе ён неаднаразова бываў,  у гэтыя дні да яго паступае шмат. Думаецца, зазірне Анатоль Мікалаевіч і ў наш Гомельскі раён, адкуль пачынаўся яго працоўны і творчы шлях і дзе яго яшчэ, безумоўна, памятаюць.

 Ганна КАЗАКЕВІЧ.   
Фота з адкрытых крыніц.

Мы в соцсетях