Да 100-годдзя Гомельскага раёна. “Ганаруся, што карані мае з вёскі…”

12.06.2026
124


Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, паэт Міхась Башлакоў прэзентаваў у Гомелі трохтомнік выбраных твораў “Радзіму зберажы”.

Творчая паездка дала добрую нагоду сустрэцца з сябрамі і паблукаць па месцах свайго дзяцінства, а гэта пасёлак Баштан, дзе ён вырас, вёска Грабаўка, дзе вучыўся. Мы пагутарылі з Міхасём Захаравічам аб уражаннях ад наведвання роднага раёна, папрасілі падзяліцца ўспамінамі і сваімі думкамі аб ролі паэзіі.

— Уражанні ад наведвання роднага кутка — і светлыя, і шчымлівыя. Праехалі па Грабаўскаму сельсавету з сябрамі дзяцінства: маім суседам Міхаілам Антоненкам, які, дарэчы, уразіў сваёй цікавасцю да беларускай паэзіі, і Васілём Скачковым, які шмат гадоў узначальваў тэрытарыяльнае медыцынскае аб’яднан-не Гомельскага раёна. Многае, вядома, змянілася, няма большасці тых людзей, якіх ведаў з ранніх гадоў. У Пясочнай Будзе вырасла новая царква, а школа ў Грабаўцы, якую я заканчваў, даўно перабудавана ў храм. Шкада, што не бурліць ужо такой крыніцай жыццё ў родным Баштане, і крыху дзіўна, што ўсе вуліцы (а іх там некалькі) носяць імя Маякоўскага, — падзяліўся паэт.

Штодзённы школьны маршрут Мішы Башлакова калісьці складаў шэсць кіламетраў ад Баштана да школы і столькі ж назад. Прытым што зімой дарогу ніхто не чысціў, і крочыць даводзілася па калена ў снезе. Паэт зазначае, што жылі ў той час бядней, але духоўна былі куды багацейшымі.

— Ніколі не саромеўся свайго паходжання. Я — селянін і ганаруся, што карані мае з вёскі, а ў тым, што тычыцца ведання паэзіі, магу паспрачацца з любым. Шкада, што зараз моладзь перастала чытаць. Калісьці мой першы верш быў апублікаваны ў газеце “Маяк”, пад сваё крыло мяне ўзяў таленавіты паэт Юрый Фатнеў, які кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Пралеска” пры раёнцы. Гэта былі цудоўныя гады набыцця духоўнага вопыту. Пазней, калі я сам узначаліў літаратурнае аб’яднанне “Маладзік”, заўсёды стараўся быць патрабавальным, але справядлівым. Да-ваць пачынаючым аўтарам “паветра”: магчымасць зразумець свае памылкі, але не адвярнуцца ад творчасці, — 
расказвае Міхась Башлакоў.

Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ён працаваў настаўнікам на Браншчыне і Гомель-шчыне, у тым ліку ў Пракопаўскай школе, дзе ў свой час настаўнічаў Іван Шамякін. Спрабаваў пісаць вершы на рускай мове, і яны былі неблагія. Але паслухаў старэйшага таварыша, вядомага рускага паэта Дзмітрыя Кавалёва, які сказаў, што ў рускай літаратуры ўжо скораны такія вяршыні, што пераўзысці іх немагчыма. У той жа час літаратура беларуская дае магчымасць сказаць сваё слова ў паэзіі.

— Дзякую лёсу за тое, што прысвяціў сваё жыццё роднай мове і літаратуры. Шмат разоў да мяне падыходзілі незнаёмыя людзі: “Напісаў песню на вашы вершы. Вельмі падабаецца беларуская мова!” У Германіі давялося дэкламаваць вершы перад аўдыторыяй, якая не ведала ні рускай, ні беларускай. Пры гэтым твары ў прысутных  былі натхнёныя, слухачы шчыра апладзіравалі. Як так? “Людзі адчуваюць мілагучнасць і пявучасць, гэтаму не перашкаджае нават няведанне мовы”, — патлумачыў знаёмы. Для мяне Радзіма і мова — словы-сінонімы. Няма мовы — няма і Радзімы. Важна, каб моладзь захавала гэты скарб, — адзначае Міхась 
Захаравіч. 
Сёлета, калі наш раён будзе святкаваць 100-гадовы юбілей, Міхась Баш-лакоў адзначыў сваё 75-годдзе. Але ёсць яшчэ адна дата, звязаная з 2026-м, — 40-я гадавіна чарнобыльскай тра-гедыі. Для нашага знакамітага земляка тэма Чарнобыля таксама вельмі блізкая. Нездарма ён мае статус удзельніка лік-відацыі аварыі на ЧАЭС: звыш 200 творчых сустрэч былі праведзены ў забруджаных радыяцыяй раёнах. З тых цяжкіх паездак паэт прывёз новыя вершы і паэмы. За кнігі «Нетры» (2004) і «Палын. Чарнобыль» (2005), створаныя ў цесным супрацоўніцтве з мастаком Міхасём Барздыкам, якія атрымалі высокую ацэнку ў Беларусі і ў свеце, Міхасю Башлакову была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2009). Дарэчы, кніга  «Нетры» ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўвайшла ў лік ста лепшых кніг свету.

— Часы змяняюцца, але паэзія — катэгорыя вечная. Моладзі хачу параіць займацца самаадукацыяй і чытаць добрыя вершы. Яны дадуць вам той духоўны стрыжань, які заўсёды патрэбны ў жыцці, — гаворыць паэт.
 
А мы раім перагарнуць старонкі анталогіі “Радзіму зберажы... Выбраныя творы ў трох кнігах” Міхася Башлакова, дзе сабраны лепшыя творы нашага земляка, паэта, якім захапляюцца ў многіх краінах свету.

Ірыны ТРЫПУЗАВАЙ
Фота Кацярыны Шчарбіной
Мы в соцсетях