Гукі магчымасцяў: акцёры новага часу

18.01.2025
129
Дзяржаўная ўстанова «Гомельскі дзіцячы сацыяльны пансіянат «Шчаслівыя ўсмешкі» — гэта месца, накіраванае на дапамогу дзецям-інвалідам і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

З 2021 года ў пансіянаце актыўна працуе інклюзіўны тэатр. У тэатральных пастаноўках бяруць удзел маладыя людзі з інваліднасцю і супрацоўнікі. Выхаванцы ўжо праявілі свае творчыя здольнасці ў пастаноўках «Жить», «Щелкунчик». На гэты раз быў падрыхтаваны спектакль «Паўлінка» паводле п’есы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Народныя касцюмы і маляўнічыя дэкарацыі — усё было карпатліва падабрана, каб акунуць гледача ў атмасферу беларускай вёскі. У ўдзельнікаў пастаноўкі гэта паспяхова атрымалася. Бо асаблівыя людзі выконваюць ролю па-асабліваму. Яны глыбока перажываюць кожнае дзеянне свайго персанажа, дасканала перадаюць яго эмоцыі.

Сярод гледачоў сабраліся самыя неабыякавыя. Кожны прысутны падарыў сваю ўвагу і цеплыню выступоўцам. Акцёры інклюзіўнага тэатра адказалі гледачам шчырымі ўсмешкамі, добрым настроем і незабыўным вечарам.

— Пастаноўка мне спадабалася, атрымалася вельмі цікава. Становіцца па-сапраўднаму радасна ад таго, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб людзі з інваліднасцю мелі магчымасць заявіць аб сабе шырокай публіцы, — падзялілася сваімі ўражаннямі вучаніца гімназіі № 58 Дар’я Войчук.

«Паўлінка» – гэта не проста спектакль. Гэта магчымасць паказаць свой талент на прафесійнай сцэне, адчуць сябе часткай чагосьці вялікага і важнага для тых, хто так моцна ў гэтым мае патрэбу.

Аліса ВАРАБ’ЕВА.
Фота аўтара.

Мы в соцсетях