Гісторыя, літаратура, даследаванне: вучаніца з Пакалюбіцкай школы расказала пра сваю даследчую работу

26.12.2025
7424
Падзеі вайны па ўспамінах сведкаў і архіўных дакументах і іх апісанне ў літаратуры параўнала ў даследчай рабоце Арына Грыгар`янц з Пакалюбіцкай сярэдняй школы.



Традыцыйная вучэбна-даследчая канферэнцыя вучняў “Мележаўскія чытанні”, якая сёлета праводзілася ў 23-ці раз, дае магчымасць удзельнікам прадэманстраваць веды па розных накірунках: развіццю беларускай і рускай мовы, вывучэнню традыцый, геаграфіі і гісторыі роднага краю.

Вучаніца Пакалюбіцкай сярэдняй школы Арына Грыгар`янц за гады навучання сабрала цэлае партфоліа ўзнагарод. Сёлетні дыплом канферэнцыі “Мележаўскія чытанні” таксама для яе не першы. Але, як прызнаецца дзяўчына, напэўна, адзін з самых дарагіх. Вельмі ўжо цікавай была даследчая работа, прысвечаная аналізу падзей Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці класіка беларускай дзіцячай літаратуры Івана Сяркова і ўспамінах сведкаў-землякоў.

Хто з нас не чытаў кранаючую за душу і ў той жа час вясёлую кнігу “Мы з Санькам у тыле ворага”?! А ў Пакалюбічах у свой час было шмат равеснікаў аўтара Івана Сяркова, у тым ліку прататыпаў літаратурных герояў, якія бачылі гісторыі з кнігі на ўласныя вочы, маглі адрозніць тое, што было на самой справе, ад мастацкага вымыслу.

— Мне даўно хацелася знайсці тыя гістарычныя факты, якія Іван Сяркоў палажыў у аснову сваёй знакамітай трылогіі. Таму, калі настаўніца беларускай мовы Таццяна Уладзіміраўна Ганіч прапанавала выбраць тэму для будучай даследчай работы, схілілася менавіта да гэтага варыянту, — расказвае Арына.

У рабоце ёй дапамаглі дакументы, што захоўваюцца ў Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеі, і сустрэча з мастаком Іванам Адамавым, сябрам дзяцінства Івана Сяркова.

Вывучэнне дакументаў і параўнанне іх з літаратурным творам аказалася захапляльным, але адначасова паставіла новыя пытанні. Напрыклад, у кнізе сярод расстраляных фашыстамі ў кастрычніку 1941 года значыцца дзесяць чалавек, а ў даведцы іх адзінаццаць. У афіцыйным спісе няма дзяўчыны па імені Каця Бароўская, а па словах Івана Адамава, ад рук ворага тады загінулі толькі мужчыны…

У кнізе ёсць надзвычай непрыемны персанаж — паліцай Няўмыка. Юная даследчыца прааналізавала спіс здраднікаў і адзначыла, што, верагодней усяго, прататыпам стаў паліцай Накурыпаў, які якраз перад вайной выйшаў з турмы.

А хто стаў правобразам абаяльнай і добрай настаўніцы Антаніны Аляксандраўны? Ды яе амаль што цёзка — Заслужаны настаўнік БССР Антаніна Антонаўна Шаўко.

Цеснае супрацоўніцтва з Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеем і яго дырэктарам Кацярынай Варабей дапамагло дапытлівай дзяўчыне выявіць і яшчэ шмат цікавых фактаў. Сваю работу яна на высокім узроўні абараніла на канферэнцыі “Мележаўскія чытанні” і заваявала дыплом I ступені.

Дададзім, што схільнасць да дас-ледаванняў, работы са словам і творчасці Арына атрымала, у тым ліку, і ад сваіх родных. Яна прадстаўніца вялікай педагагічнай дынастыі Шэрман-Сялюк-Грыгар`янц. Дзядуля Фелікс Шэрман пакінуў землякам вялікі архіў фотада-кументаў па гісторыі калгаса імя Леніна і населенага пункта Пакалюбічы. Мама Алена Феліксаўна — настаўнік вышэйшай катэгорыі, выкладае рускую мову. Брат Андрэй, які таксама атрымаў педа-гагічную адукацыю, працуе ў Мінску спартыўным тэлежурналістам.

Арына на працягу шэрагу гадоў паказвала добрыя вынікі ў алімпіядах па нямецкай, рускай, беларускай мовах і гісторыі. З поспехам удзельнічала ў конкурсах рытарычнага майстэрства, а яе эсэ ўключаны ў рэспубліканскі зборнік “Жывая памяць”.

Зараз Арына Грыгар`янц вучыцца ў выпускным класе, планы на будучую прафесію ў яе ўжо ёсць. Сама яна адзначае, што на шляху да ведаў і ў творчых праектах яе заўсёды натхнялі родная школа і любімыя педагогі.





Ірына ТРЫПУЗАВА
Фота Кацярыны Шчарбіной

Мы в соцсетях